?

Log in

No account? Create an account

Предыдущие | Следующие

МЕРКАВАННЕ


ШЧАСЛІВЫ БОЛЬ СУМЛЕННЯ

(думкі пра аповесць Алеся Паплаўскага “Пастка для рэха”)

Творы Алеся Паплаўскага добра знаёмыя зацікаўленаму чытачу. Свой артыкул мы распачалі такой “дзяжурнай” фразай нездарма: ёсць у фразе закавыка. Хто такі – зацікаўлены чытач? Чым ён зацікаўлены? І чаму? А зацікаўленыя ўсе мы – людзі, сучаснікі, зямляне – пытаннем адным: як нам выжыць духоўна і фізічна ў гэтым супярэчлівым, непрадказальным, амаль што не апраметным свеце. Дык што: спасцігнуўшы творы А. Паплаўскага, мы сваю зацікаўленасць задаволім? Не будзем спяшацца з адказам. Прыгледзімся да аднаго з яго твораў – да аповесці “Пастка для рэха”, якая была створана ў 2006 годзе.
Учытаемся ў першыя радкі: “Я не Дыяген, але і мне іншы раз хочацца пажыць у бочцы. Некалькі дзён… Каб зразумець сябе, каб упэўніцца, што адзінота, якой я баюся больш за ўсё на свеце, /…/ насамрэч вялікі падарунак і ад яго можна атрымліваць асалоду. Напэўна, гэты вар’яцкі ўчынак /…/ стаў бы тым выратавальным пратэстам супраць майго мінулага, бо так блізка да сябе я яшчэ ніколі не набліжаўся.” (А.Паплаўскі. Пастка для рэха. – Мн.2009, с, 6. /У далейшым – старонкі ў тэксце па гэтаму выданню /.)
Нічога сабе – пачатак… Няўжо дзеля таго, каб зразумець сябе, трэба вытвараць вар’яцкія ўчынкі? Дзе ж тут логіка? А што такое: “набліжацца да сябе?” Хто такі – я? Чаму я сам ад сябе на парсекі аддалены і набліжацца да сябе мне страшна? Кожнаму з нас пагражае адзінота ў натоўпе. А яшчэ з гэтым Дыягенам… Каму патрэбен сёння гэты абсалютна аскетычны самотнік? Нам жа камфорт, камфорт падавай! А тут – Дыяген… Бочка…
Не, трэба перачытаць прыведзены вышэй пачатак аповесці! Адзінота… Закрануў Паплаўскі самае балючае. Так, аддаленасць ад самога сябе – рэч жорсткая. Можа, пашукаць нам лёгкіх шляхоў да перамогі над духоўным недасытам: паганяцца за сытасцю матэрыальнай? Сёння, як здаецца, існуюць моцныя сродкі супраць унутранай пустэчы: адрэналін, экстрым, рызыка, сенсацыя, гламур, сэксрэвалюцыя, ашаламляльныя хуткасці падзей… А Алесь Паплаўскі – пра бочку Дыягена… Блюзнерца! Адкладзем ягоную аповесць убок ды падалей! Толькі вось штука ў тым, што пачуццё адзіноты не з кнігі прыйшло, а з жыцця. Адкладай не адкладай… Значыць, учытвацца ў аповесць неабходна: іншага выйсця няма.
Пісьменнік адзіноту вялікім падарункам называе. Яна і насамрэч падарунак, таму, што адзінота – гэта боль. А боль -- галоўнае, чым ратуе нас у жыцці Усявышні. Бязбольгнасць – гэта адсутнасць жыцця. Асалоды таксама без болю не бывае. І не блюзнерствуе пісьменнік, а прамаўляе ўголас тое, што гучыць у кожным з нас патаемна. А калі так, дык кніга павінна заканчвацца якімсь самым значным і найпатрэбнейшым адказам. Зазірнем у апошнія радкі кнігі: “Ад Каменя шугае жоўта-блакітнае ззянне і нябачная воку, таемная магічная энергія -- энергія Вялікага Дыхання…”/с.72/ .
Што за Камень такі, які трэба з вялікай літары пісаць? Што за магічная энергія? Што за Дыханне? Няўжо персанажам А.Паплаўскага ўдалося адшукаць нейкую моц, якая прынясе чалавецтву паратунак ад усяго няўклюднага ў быцці людзей? Калі так, дык у аповесць “Пастка для рэха” трэба ўглыбіцца не з турыстычнай зацікаўленасці, а ў пошуках лекаў супраць згубнай адзіноты, аддалення ад святога ў самім сябе. Нам /кожнаму. Як бы лёс не складваўся/ патрэбен “курс лячэння” Вялікім Дыханнем…
З весткай пра Камень мы сустракаемся на пачатку аповесці: У Палацы культуры вытворчага аб’яднання “Шкловалакно” наладжана выстава твораў Мікалая Рэрыха, Марка Шагала, Мікалаюса Чурлёніса. На выставе аглядальнік сустрэў незнаёмую дзяўчыну, і паміж імі паўстала размова:
“ – Можа гэта і ёсць той самы Камень, які прыводзіць рытм нашай планеты ў адпаведнасць з Касмічным магнітам?
-- Магчыма, -- усміхнулася дзяўчына.” /с.10/.
Дыяген, Касмічны магніт, Вялікае Дыханне, Рэрых, Шагал, Чурлёніс… Што гэта за таямніцы быцця? Рытм нашай планеты – гэта, вядома. І мой асабісты рытм. І ваш, паважаны чытач. Мае радасці і расчараванні, мой патаемны сорам і мой патрыятычны пафас, -- усё, што я нясу да людзей, і ўсё, што я хаваю нават ад сябе самога. Можа пісьменнік у сваёй аповесці аб’яўляе мне тыя метафары Божых наканаванняў, без асэнсавання якіх я не здолею прайсці праз буралом уласнае душы і не змагу дакрануцца да сябе светлага ды святога?
Пытанні, пытанні… А.Паплаўскі ўводзіць чытача ў таямніцу метафізічнага адзінства ўсяго існага. А калі так, дык і літаратуразнаўчы падыход павінен адпавядаць пазіцыі пісьменніка. Гэта азначае, што наш погляд павінен грунтавацца на мегаідэі і трыадзінай эмпатыі. /Эмпатыя (грэч.) -- суперажыванне/. Сутнасць згаданай мегаідэі – у сцвярджэнні трыадзінасці духоўнага быцця чалавецтва. Суперажываюць тры іпастасі: Бог, які прамаўляе найгалоўнейшае: “Вазлюбі блізкага свайго!”; чалавек-крэатар, які “перакладае” задуму Усявышняга на мову чалавечую: дорыць людзям творы мастацтва, робіць тэхнічныя адкрыцці, стварае рэчы, неабходныя ў паўседзённасці; трэці актант згаданага суперажывання чалавек-рэцыпіент, які ўспрыймае задуму першага, працу другога і такім чынам набліжаецца да Божага ў сабе.
Зыходзячы з такіх філасофскіх пастулатаў, можна сцвярджаць, што першааўтарам аповесці “Пастка для рэха” выступіў не адзін з нас – чалавек Паплаўскі, а Усявышні носьбіт Вялікага Дыхання, звышнатуральны Гаспадар Касмічнага магніта. Чалавеку Паплаўскаму пашчасціла інтуітыўна адчуць голас Усясветнага Ідэалу і рэальна прыняць удзел у Божым тварэнні, якое і праяўляе сябе у выглядзе трыадзінага суперажывання. Артыкул, з якім вы, паважаны чытач, зараз знаёміцеся, -- гэта завяршальны этап той самай трыадзінай эмпатыі, якая ад чалавека не залежыць, а яўляе сабой адвечны рух існасці.
У святле згаданага аказваецца відавочным, што літаратуразнаўчы аналіз – з’ява хоць і шляхетная, патрэбная, але перад абліччам трыадзінай духоўнасці – не ўніверсальная. Аналіз – толькі частка працэсу, які можна азначыць, як літаратуразнаўчы сінтэз: суперажываць з Богам можна; але хто возьмецца за аналіз Божай задумы? Відавочна адно: чалавек-крэатар толькі тактык быцця; стратэгія адвечнасці складваецца не па яго волі.
Заслуга А.Паплаўскага, на наш погляд, заключаецца ў тым, што ён здолеў у сваёй аповесці ўзняцца на маральныя вышыні трыадзінства, згаданага вышэй; не збіўся на двуадзіны павествавальны рацыяналізм /хаця сюжэт у творы прысутнічае вельмі выразна і акрэслена/. Пісьменнік распавёў нам пра энергію Вялікага Дыхання ці можа ўвасобіў гэтую энергію ў мастацкім слове. З аповесці вынікае, што суперажыванне з найвышэйшым Ідэалам – справа неўнікнёная, але далёка не простая. Больш таго: набліжацца да трыадзінства праз адзіноту – не кожнаму па плячы. Міласэрнасці і сёння дастаецца крочыць праз нахабнае “Распні яго!”
Адзін з вядучых персанажаў аповесці па прозвішчу Буднік /што за прозвішча! Яно ж напамінае нам дзеяслоў “будзе”/ хоча дайсці да адчування Бога, але гэта яму не пад моц. Спрабуе задаваць пытанні Усявышняму, але баіцца, што мажлівыя адказы Першатворцы зруйнуюць яго, Будніка. Тым больш, што “Не прасі рады ў Бога, -- іранізавалі з яго неаднойчы калегі. – Ён усё роўна пакажа самы цяжкі шлях…” /c.30/. Ах, каб шлях адшукаць палягчэй, папрасцей… Алесь Паплаўскі раскрывае псіхалогію суперажывальнай веры ў Першатворцу, даводзіць, што так, эмпатычна, верыць – цяжка, часам – нясцерпна цяжка.
А адсюль выснова, /ужо нашая, чытачоў/: хочаш зведаць шчасце, -- спасцігні горыч няшчасця. Толькі ці вытрымаеш ты гэтае выпрабаванне Божае? Буднік не вытрымаў. Яму здалося, што “мода на герастратаў вяртаецца” /с.31/. Ці можам мы пагадзіцца з такою думкаю? Хто мы: герастраты, вандалы, знішчальнікі ці святыя душы, якія пакуль што не ведаюць пра сваю святасць? Гэта не якіясь там займальныя пытанні. Аповесць А.Паплаўскага – не толькі перасцярога, прароцтва, не толькі навука для нядбайных вучняў Бога, яна – голас усё нарастаючай адзіноты, якая ўсё ж сілаю імкнецца ператварыцца ў трыадзінае суперажыванне.
Імкненне гэтае святое і высокароднае, але нязмерна цяжкае. На памяць прыходзіць вядомае біблейскае маленне аб чашы, калі Хрыстос у момант слабасці папрасіў у Айца Нябеснага, каб той даў яму чашу выратавання. Але Бог не адвёў сваёй рукі ад наканавання: Хрыстос прыйняў смяротныя пакуты і сканаў на крыжы. А ці нам не час звярнуцца да Бога з малітоўнай просьбаю аб палёгцы? А калі Усявышні не дапаможа нам? Што мы тады рабіць будзем? Што да Будніка, дык у яго душы разыгралася бура:
“Яго розум і інтэлект не здольны змагацца ўжо з усёй той урачыстасцю Зла, якая валадарыць у свеце. Яму здаецца, што абарвалася нейкая выратавальная сувязь з Богам… Напэўна Бог гэтай ноччу памёр, не нарадзіўшыся. /…/ А значыць, і не было ніякай сувязі з Ім.” /с.38/.
Чыю ж гэта душу шкуматаюць такія страшэнныя віхуры? Будніка? А можа, маю? Можа літаратуразнаўчы сінтэз, з пазіцый якога мы выказваемся ў нашым артыкуле, выкліканы да жыцця не толькі навуковай зацікаўленасцю, а перш за ўсё маім жаданнем наблізіцца да Усявышняга Ідэялу, чаго не здолеў зрабіць расчараваны Буднік? Ці здольныя мы з вамі, паважаны чытач, перамагчы урачыстасць Зла? Ці не бачым мы, што гэтае самае Зло сёння прэтэндуе на ролю этычнага закона сучаснасці? Ці не відавочна, што фарысеі занялі ўсе выгодныя вяршыні духоўнай паўсядзённасці? І яны – няўрымслівыя апаненты духоўнага трыадзінства. Мегаідэя эмпатыі, суперажывання /гэта значыць, -- практычная сумленнасць/ варожая ім.
Буднік у барадзьбе з сабою верыць у праявы “Вялікага прыцягнення, якое існуе незалежна ад волі людзей” /с.50/. Так, верыць. Але як цяжка трымацца ў згодзе з гэтым прыцягненнем. Аповесць “Пастка для рэха” – доказ таго, што суперажываць з Богам – мажліва. Паколькі гэты твор выйшаў з друку, паколькі мы з вамі, калега-чытач, разважаем аб гэтай кнізе, можна сцвярджаць, што розум і інтэлект здольныя змагацца з урачыстасцю Зла і сувязь з Богам не абарвалася. А калі так, дык нам ёсць чым адказаць на думкі, якія на кароткі час ахопліваюць і антыпода Будніка ў сюжэце – чалавека па імені Дольчык. Ён пад змрочныя разважанні Будніка прызнаецца:
“Я слухаю гэтага дзіўнага чалавека і маўчу. Мяне ахоплівае смутак. Я нават пачынаю верыць, што жыццё і сапраўды – сістэма мройных, фантастычных спакус. Што у гэтай сістэме кожны з нас сам па сабе. Што ніякага лёсу не існуе насамрэч. Што людзі выдумалі яго, каб апраўдаць свае, не заўсёды разумныя ўчынкі. Што ўзвальваючы на сябе кожны раз гэты цяжэзны мяшок з каменнем, імя якому – сумленне, яны спасцігаюць толькі адну мэту – скінуць яго ўвечары” /с.53/.
Ах, як хацелася б такое прыняць за праўду! Паверыць, што Бога няма, што Ён прыдуманы людзьмі! Але вось “мяшок з каменнем” – сумленне… Што з ім зробіш? Прыслухаемся да гэтага слова: су – мленне. Мленне душою разам з Богам. У самім слове сумленне – Божае наканаванне: суперажывай з Усявышнім, млей, як і Ён, разам з Першатворцаю заходзіся сэрцам над кожнаю наймалейшаю галінкаю ды казюлькаю. Сумленне – гэта наканаванне пачэснае, але цяжкае. Як бы бяз гэтага “мяшка” гады свае цягнуць? Як? Але што б было, калі б Хрыстос не панёс свой крыж да Галгофы, а шпурнуў бы яго ў пыл і адрокся ад свайго прызначэння?
Дык хто ж такі – пісьменнік Алесь Паплаўскі? Увогуле, што за людзі такія – пісьменнікі? Паглядзіш – найзвычайнейшыя грамадзяне, і ім, як гаворыцца, нішто чалавечае не чужое. Але вось чытаеш аповесць А.Паплаўскага – адчуваеш, што размаўляеш з нейкаю ўсясветнаю душою, якая не можа змясціцца ў сэрцы чалавека паўсядзённага. З аповесці вынікае: жыццё духа чалавечага – гэта рэха духа Божага. Яно, як і ўва Усявышняга, запоўнена загадам “Вазлюбі!” У Першатворцы – адвечнасць, у чалавека – час. Гэты час і з’яўляецца “пасткаю для рэха”, пасткаю для любові, спачування, суперажывання. Усявышні ловіць найлепшае ў нас, ды і змяшчае яго ў сваю выратавальную пастку. А калі паўстае наўда ў дапамозе, Бог усё сабранае ў пастку аддае шчодра нам.
Нездарма Дольчык прыходзіць да высновы, што мэта ў жыцці яго ёсць. А мэта такая: пераадольваць эгаістычную адзіноту, дапамагаць блізкім сваім: “Хіба можна назваць мяне чалавекам адзінокім? Не… Цяпер я ведаю дакладна: не адзінота адшуквае нас, а мы яе”. /с.70/. Шукаць адзіноту – гэта здраджваць Божае “Вазлюбі!”, руйнаваць мегаідэю трыадзінай эмпатыі, знішчаць гармонію з усясветным Ідэалам, на якім заснавана музыка быцця. Колькі часу і сілаў мы аддаем шуканню адзіноты! Падазрона паглядаем на блізкага свайго, баючыся, што менавіта блізкі перахопіць той самы Камень шчасця, які, як мы з поўнасцю спадзяемся, Гасподзь вызначыў для нас, а не для якогасці там блізкага. І копіцца ў душах нашых Здрада… Гэтую надыходзячую бяду адчуваюць персанажы аповесці А.Паплаўскага. Вось думкі Дольчыка, а можа, нашыя з вамі, паважаны чытач: “Мае думкі хаатычна раскіданыя ў свядомасці. Прадчуванне Вялікага Вар’яцтва завісае ў паветры. Яшчэ хвіліна, -- і Невядомасць разродзіцца Здрадай – той, якую чалавецтва накапляла вякамі…”. /с.62/.
Дык што чакае нас: Вялікае Вар’яцтва ці Вялікае Дыханне? Алесь Паплаўскі пытаецца ў нас пра гэтае, не даючы якіх-небудзь трэціх, неакрэсленых мажлівасцей. Вядома: пісьменніцкае запытанне -- ад сумлення. Ад су – млення з Богам. Пісьменнік у аповесці выказаўся як наш голас. Мы ўсе – рэха Бога. Калі пастка для рэха – гэта час, дык гэтым часам з’яўляемся мы ўсе, кожны з нас. Алесь Паплаўскі цудоўнаю беларускаю мовай запісаў тое, што падказаў яго сэрцу Усявышні.
А Усявышні праз аповесць “Пастка для рэха” прамовіў адно: шлях да Вялікага Дыхання вельмі цяжкі. Як толькі людзі пачынаюць шукаць нечыстых лёгкіх шляхоў, пастка для рэха зачыняецца, час для людзей спыняецца і невядомасць разраджаецца здрадай. Так у гісторыі было не аднойчы. Таму перад чалавецтвам ёсць толькі адзін шлях: шчаслівы боль суперажывання з Богам. І дзякуй А.Паплаўскаму, які сваёю аповесцю выказаў нам гэтую непахісную праўду.

24.06.10г

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ю.Паталкоў.


Разважае кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ю.Паталкоў.

Comments

( 5 comments — комментирвать )
vushasti
Jun. 25th, 2010 09:50 am (UTC)
Цікава разважае.
А гэта дзе?
poplavok_a
Jun. 25th, 2010 12:01 pm (UTC)
А гэта дзе?
Я не ведаю. Даў мне артыкул і ўсё... Я паабяцаў, што змяшчу яго ў сваім ЖЧ.
(Screened comment)
(Screened comment)
(Screened comment)
poplavok_a
Jun. 25th, 2010 12:53 pm (UTC)
Дзякуй Вам.
maksim_l
Jun. 25th, 2010 01:14 pm (UTC)
няма за што
poplavok_a
Jun. 25th, 2010 01:17 pm (UTC)
Ёсць за што. Я слабак у такіх справах. Гэта вельмі добра, што Вы сочыце за ўсім гэтым
( 5 comments — комментирвать )

Личное

ПАФ1
poplavok_a
poplavok_a Алесь Паплаўскі

Latest Month

November 2018
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Метки

Page Summary

Powered by LiveJournal.com
Designed by Lilia Ahner